Вераб’евічы Вялiкiя i Малыя | НОВОГРУДОК.BY

Вераб’евічы Вялiкiя i Малыя

Цяпер пра iх ведаюць не толькi ўраджэнцы i жыхары гэтых вёсак, але i наведвальнiкi сусветнай павуцiны

Цi магчыма, каб стыхiя лiтаральна падняла над бульбяным полем сельгастэхнiку? І няўжо сапраўды гара, якая ў народзе здаўна называецца Каплiцай, захоўвае фундаменты мураванай пабудовы ХIV—ХV стагоддзяў? Гэтыя i iншыя пытаннi прапануюцца ўвазе шырокага кола інтэрнэт-грамадскасцi дзякуючы нядаўна створанаму сайту (www.vv.nоvоgrudоk.bу), якi прысвечаны дзвюм вёскам-суседкам Навагрудскага раёна — Вялiкiм Вераб’евiчам i Малым Вераб’евiчам. Стваральнiк сайта — ураджэнец Вялiкiх Вераб’евiчаў, дырэктар Дома-музея Адама Мiцкевiча ў Навагрудку, краязнаўца Мiкалай Гайба. У гэтым, першым на Навагрудчыне сайце вёсак, 16 старонак, у тым лiку змешчаны фатаграфii, сярод якiх нават фота з космасу.

Вёскi Вялiкiя Вераб’евiчы i Малыя Вераб’евiчы знаходзяцца на паўночным усходзе Навагрудскага раёна на адлегласцi 16 кiламетраў ад райцэнтра. Яны размяшчаюцца паралельна адна адной у маляўнiчай лагчыне ля шашы Навагрудак—Любча. Па звестках на пачатак мiнулага года, у Вялiкiх Вераб’евiчах, найбуйнейшай вёсцы Асташынскага сельсавета, 314 жыхароў. А ў Малых Вераб’евiчах, адпаведна назве, значна менш — 33. Ёсць рознiца i ва ўзросце населеных пунктаў. Малодшая з «сясцёр» упершыню ўзгадваецца ў дакументах у 1680 годзе пад назвай Вераб’евiчы Малое Сяло. Старэйшая, Вялiкiя Вераб’евiчы — у 1567 годзе як маёнтак нейкага Ж. Быкоўскага.

У 1652 годзе, калi Вялiкiя Вераб’евiчы належалi Багуславу Радзiвiлу, тут налiчвалася 16 двароў. Прычым найбольш распаўсюджанымi былi прозвiшчы Супрановiч i Сiлка, якiя ў жыхароў вёскi ёсць i сёння. Памешчык надзяляў сялян зямлёй — у сярэднiм ад 1/6 да 1/2 валокi (каля 3,5 — 10,5 гектара) на вераб’евiцкую сям’ю. За карыстанне зямлёй трэба было адбыць павiннасцi i заплацiць падатак. Людзi з кожнай сям’i шэсць дзён у тыдзень хадзiлi працаваць на панскае поле. Гэтыя абавязковыя работы дапаўнялiся i так званымi «талокамi» або «гвалтамi» — уборка сена, жнiво i г.д. Усё — сваiм iнвентаром i жывёлай. Акрамя таго, штогод двор плацiў памешчыку 40 лiтоўскiх грошаў, аддаваў паўтары бочкi жыта, адну гусь i пеўня, дзве курыцы, дваццаць яек, дзве пасмы канапляных нiтак i мёд. З кожнага двара адпраўлялi ў год дзве падводы да Вiльнi альбо ў iншае месца.

Пасля Радзiвiлаў, з другой паловы ХVIII стагоддзя Вялiкiя Вераб’евiчы належалi розным уладальнiкам, якiя тут не жылi, а аддавалi вёску ў пасесiю (арэнду) iншым. Таму тут i не было значных панскiх сядзiбаў. Затое колькасць насельнiцтва павялiчвалася. Паводле гiстарычных крынiц, у 1893 годзе налiчвалася 37 двароў, у 1909 годзе — ужо 86 двароў, дзе жылi 524 чалавекi.

А самай буйной у наваколлi была вёска Асташына («вераб’евiцкi» сайт знаёмiць i з суседнiмi вёскамi), дзе ў другой палове ХIХ стагоддзя налiчвалася больш за 150 двароў, мелiся збожжазапасная крама, пiцейны дом i ажно тры млыны. У 1909 годзе там пражывалi 1116 чалавек (на пачатак мiнулага года — 138). Дарэчы, вёска Асташына ўпершыню ўзгадваецца ў дакументах у 1401 годзе i з’яўляецца найстарэйшай у Навагрудскiм раёне. Асташынцы вядомыя сваiм змагарным духам. Яшчэ ў 1525 годзе тут зафiксаваны пратэст сялян супраць павелiчэння павiннасцяў. А ў 1932 годзе адбылося ўзброенае выступленне супраць асаднiкаў, якiя скуплялi маёмасць сялян. У памяць аб паўстанцах, сярод якiх былi i жыхары Вялiкiх Вераб’евiчаў, у Асташыне ўстаноўлены памятны знак. У Малых Вераб’евiчах пастаўлены абелiск на месцы, дзе са жнiўня па снежань 1942 года фашысты расстралялi каля 950 вязняў гета. У Вялiкiх Вераб’евiчах — абелiск у памяць 101 жыхара шасцi навакольных вёсак, загiнулых у гады Вялiкай Айчыннай.

Зрэшты, гiсторыя — гэта не толькi праца, барацьба, трагедыi, але i незвычайныя, загадкавыя падзеi, факты, гiпотэзы, з якiмi таксама знаёмiць сайт Вялiкiх i Малых Вераб’евiчаў. Сёння, да прыкладу, можна часта пачуць, што раней не было такiх прыродных катаклiзмаў, якiя ў апошнiя гады сталi ледзь не нормай. Але цi так гэта? У вераснi 1982 года ў адной з газет з’явiлася iнфармацыя аб смерчы, якi абрушыўся на Навагрудчыну. Ён дасягаў васьмiдзесяцi метраў у дыяметры, валiў дрэвы, зрываў дахi. I менавiта ў гэты момант у Вялiкiя Вераб’евiчы вярталася з поля калона камбайнаў мясцовага калгаса «Камунар» (цяпер — СВК «Камунар-Агра»). Дык стыхiя лёгка iх падняла i лiтаральна панесла над бульбяным полем. Толькi праз некалькi дзясяткаў метраў смерч пакiнуў тэхнiку ў спакоi, перакулiўшы два камбайны ўверх коламi. Яны моцна пашкодзiлiся, а механiзатары Сiлка i Ляўкевiч, на шчасце, абышлiся лёгкiм спалохам. Затым смерч прайшоў яшчэ кiламетраў дваццаць, перасёк Нёман, прыхапiўшы нямала вады, i паглыбiўся ў Налiбоцкую пушчу, дзе i згаснуў.

Мо, «вутка»? Не, кажа Мiкалай Гайба, чыстая праўда. Тады ён служыў у армii, але вяскоўцы пацвердзiлi, што так i было.

Мае, пэўна, рацыю i навуковец з Санкт-Пецярбурга з навагрудскiмi каранямi Мiкалай Нiкалаеў, якi адгукнуўся на стварэнне «вераб’евiцкага» сайта версiяй, што раней Вераб’евiчы называлiся… Гарабеевiчамi:

— Гэта ад тае ж птушкi-вераб’я, але ў паўднёва-рускiм (валынскiм) вымаўленнi. Вядома, што славянская каланiзацыя на Наваградчыну менавiта адтуль iшла. Па любчанскай дарозе вёскi спачатку славянскiя назвы маюць: Куравiчы, Клюкавiчы… А заканчваецца гэты шлях у вёсцы Галынь, што гучыць зусiм як лiтоўскае «галас, галуне» i значыць «канец», «край». I сапраўды, вёска Галынь — непадалёк ад Налiбоцкай пушчы. А па-ўкраiнску птушка маленькая, шэранькая, рухавенькая, да сёння «гарабэць» завецца.

Дарэчы, i цяпер, зазначае Мiкалай Гайба, старажылы Вялiкiх i Малых Вераб’евiчаў могуць сказаць не «верабей», а «гарабей».

Спадар Нiкалаеў выказаў i гiпотэзу, якая можа адкрыць новую старонку ў гiсторыi гэтых мясцiнаў i, мусiць, вартая археалагiчных даследаванняў. Яна звязана з гарой, якая аддзяляе Вялiкiя Вераб’евiчы ад вёскi Нянькава. Здаўна яна называецца Каплiцай. Некалi, кажуць, там была вялiкая i прыгожая царква, якая ўрасла ў зямлю. Нiкалаеў гэта паданне запомнiў, а будучы студэнтам-археолагам у БДУ, даведаўся, што такая легенда ёсць у многiх месцах Беларусi. I гэта звязана не з мiфiчна-фантастычнай царквой, а з канкрэтным археалагiчным помнiкам. I вось аднойчы, выбраўшыся да дзеда ў Нянькава, пайшоў Мiкола аглядаць гару Каплiцу. Вельмi яму хацелася знайсцi старажытную керамiку цi нешта яшчэ. I знайшоў!

— Гэта быў кавалак цэглы, вельмi падобнай на сучасную, але з аднаго шырокага яе боку зроблены былi баразёнкi, як бы пальцамi хто правёў. Я ўжо ведаў, што такая цэгла называецца «пальчатка» i была пашырана на нашых землях у ХIV — ХV стагоддзях. Баразёнкi рабiлiся сапраўды пальцамi, каб раствор мацней трымаўся. А пасля ХVI стагоддзя гэту тэхналогiю не выкарыстоўвалi. Памылiцца я не мог, бо сапраўдную цэглу-«пальчатку» бачыў перад тым на раскопках Наваградскага замка (працаваў там як рабочы): кiраўнiк археалагiчнага атрада Марыяна Уладзiмiраўна Малеўская-Малевiч сама мне яе паказала. Значыць, на Каплiцы магла быць мураваная пабудова ХIV—ХV стагоддзяў! Доўга мне не давала спакою гэта навуковая гiпотэза. Марылася пра разведачныя раскопкi, але не было на гэта сродкаў. А потым вырашыў я… папрасiцца на самалёт сельгасавiяцыi i паглядзець на Каплiцу летам з неба. Калi недалёка ад паверхнi зямлi ёсць старажытныя фундаменты, дык раслiны над iмi павiнны быць меншыя ад недахопу вiльгацi, а ў засуху i ўвогуле сухiя. Адразу план пабудовы прачытаць можна, без раскопак. Але надышла перабудова, i «кукурузнiкi» сельгасавiяцыi некуды знiклi. Калi хто з зацiкаўленых дажыве, пакуль яны зноў з’явяцца — праверце маю гiпотэзу.

I сапраўды, чаму б не праверыць, тым больш што сельгасавiяцыя цяпер працуе, ды i верталёты ёсць?

…Як шмат цiкавага, аказваецца, адкрываюць неабыякаваму позiрку Вялiкiя i Малыя Вераб’евiчы i навакольныя з iмi мясцiны. Невялiкiя кропкi на карце Беларусi.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Адрас артыкула газеты «Звязда» ў Інтэрнэце:

http://www.zviazda.by/ru/archive/article.php?id=27011&idate=2009-01-20

Похожие новости:

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий

Вы должны быть авторизованы, чтобы разместить комментарий.