Мемуары | НОВОГРУДОК.BY

Мемуары

Любы наведвальнік сайта можа тут дадаваць свае каментарыі-успаміны, звязаныя з вераб’евіцкай тэмай.

Вiтаю ставарэнне сайта вёскi якая даўней называлася не Вераб’евiчы (так толькi нядаўна сталi казаць i пiсаць), а Гарабеевiчы. Гэта ад тае ж самае птушкi — вераб’я — але ў паўднёва-рускiм (валынскiм) вымаўленнi. Ведама бо — славянская каланiзацыя на Наваградчыну менавiта адтуль iшла. Па любчанскай дарозе вёскi спачатку славянскiя назвы маюць: Куравiчы, Клюкавiчы…, а канчаецца гэты шлях у вёсцы Галынь, што гучыць зусiм як лiтоўскае “галас, галуне” i значыць “канец”, “край”. I сапраўды вёска Галынь — на краi пушчы Налiбоцкай. А па-украiнску птушка маленькая, шэранькая i рухавенькая дасёння “гарабэць” завецца.
Успамiн мой звязаны не з самымi Гарабеевiчамi, а з гарой, якая гэту вёску аддзяляе ад Нянькава. З малых гадоў (а нарадзiўся я ў 1955г.) даводзiлася чуць ад нянькоўскiх людзей, што гара тая называецца Каплiца. Некалi, кажуць, была на гэтай гары вялiкая i прыгожая царква, якая ўрасла ў зямлю.
Паданне гэта я запомнiў, а будучы студэнтам-археолагам у Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце даведаўся, што такая легенда ёсць у многiх месцах Беларусi i часта звязана не з мiфiчнай-фантастычнай царквой, а з канкрэтным археалагiчным помнiкам.
Ну дык вось аднойчы, выбраўшыся да дзеда ў Нянькава, пайшоў я гару Каплiцу аглядаць. Вельмi хацеў знайсцi керамiку старажытную цi яшчэ што… I знайшоў! Гэта быў кавалак цэглы, вельмi падобны на сучасную, але з аднаго шырокага яе боку зроблены былi бароздачкi, як бы пальцамi хто правёў. Я ўжо ведаў з навукi, што такая цэгла называецца “пальчатка” i была пашырана на нашых землях у 14 i 15 стагоддзях. Бароздачкi рабiлiся сапраўды пальцамi, каб раствор мацней трымаўся. А пасля 16 стагоддзя гэту тэхналогiю не выкарыстоўвалi.
Памылiцца я не мог, бо сапраўдную цэглу “пальчатку” бачыў перад тым на раскопках Наваградскага замка (працаваў там як рабочы) i кiраўнiк архiтэктурнага атраду Марыяна Уладзiмiраўна Малеўская-Малевiч сама мне яе паказвала.
Значыць на “Каплiцы” магла быць мураваная пабудова 14-15 стагоддзяў! Доўга не давала мне спакою гэтая навуковая гiпотэза. Марылася пра разведачныя раскопкi на “Каплiцы”, але не было на гэта сродкаў. Потым вырашыў я выкарыстаць авiяцыю — папрасiцца на самалёт сельгас-авiяцыi i паглядзець на “Каплiцу” летам (асаблiва сухiм) з неба. Калi недалёка паверхнi зямлi ёсць старажытныя фундаменты, дык раслiны над iмi павiнны быць меньшыя ад недахопу вiльгацi, а на засуху i ўвогуле сухiя. Адразу план пабудовы прачытаць можна, без раскопак.
Але надыйшла перабудова i “кукурузнiкi” сельгас-авiяцыi некуды знiклi.
Калi хто з зацiкаўленых дажыве пакуль яны iзноу з’явяцца — праверце маю гiпотэзу.
З павагай
Мiкола Нiкалаеў, якi даўно ўжо перабраўся ў Санкт-Пецярбург i да Нянькава практычна не даяжджае.

Спецыяльна для сайта, прысвечанага Гарабеевiчам.

Похожие новости:

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий

Вы должны быть авторизованы, чтобы разместить комментарий.