Хітравумная і шматпакутная Саламея | НОВОГРУДОК.BY

Хітравумная і шматпакутная Саламея

Саламеі-Рэгіны Русецкай.

Ёсць месца ўдачы і бядзе,
А шлях зямны, ён не бясконцы,
І покуль жывы ўсе ідзем
З начы насустрач свайму сонцу…
з паэмы Раісы Баравіковай “Саламея”

У 2018 годзе адзначаецца 300-годдзе з дня нараджэння аўтаркі “Авантур майго жыцця” – Саламеі-Рэгіны Русецкай (Пільштыновай). Складаны, цяжкі, але ў той жа час напоўнены шматлікімі прыгодамі лёс выпаў першай жанчыне-лекаркі Рэчы Паспалітай. Звестак пра яе жыццё захавалася не шмат: рукапіс “Пададзенае свету рэха падарожжаў і авантур майго жыцця”, які знаходзіцца ў бібліятэцы князёў Чартарыйскіх у Пулавах пад нумарам 1452, і ліст да Міхаіла Радзівіла Рыбанькі (ад 30 верасня 1748 года).

Саламеі-Рэгіны Русецкай.
Шмат выпрабаванняў выпала на долю жанчыны. Нарадзілася Саламея ў сям’і ці то мяшчан, ці то збяднеўшай шляхты, рана выйшла замуж за Якуба Гальпіра, была вымушана пакінуць радзіму і адправіцца ўслед за мужам-лекарам у Асманскую Імперыю. Там маладая сям’я сутыкнулася з шэрагам праблем і цяжкасцей, таму Саламеі, нягледзечы на цяжкі стан здароўя, прыйшлося узваліць на сябе цяжар па матэрыяльнаму ўтрыманню сям’і. Ад мужа і ад іншых лекараў яна навучылася ўрачаваць хваробы вачэй і некаторыя жаночыя хваробы, таму яе з задавальненнем прымалі ў сем’ях багатых турчан і нават у султанскім гарэме.

Жыццё з Гальпірам не складвалася, яны раз’ехаліся. Саламея адправілася ў падарожжа (мы хутчэй бы сказалі – на заробкі) па тэрыторыі сучаснай Турцыі, Балгарыі і Босніі, там даведалася, што аўдавела. Матэрыяльнае становішча заставалася складаным, паміма ўрачэбнай практыкі яна вырашыла заняцца бізнэсам – купіла некалькіх палонных-нявольнікаў і адпусціла іх за выкуп на волю.

Адзін з іх – Юзаф Пільштын (якога не выкупіла сям’я) стаў у далейшым яе другім мужам. Саламея сумнявалася, ці патрэбен наогул ёй гэты шлюб. Але ўзважыўшы ўсе акалічнасці: “… я ўдава, у розных краях бываю, але мяне аніводзін пан ні стараста не возьме; О! няхай, думаю, будзе воля Божая са мною”; і выслухаўшы абяцанні будучага мужа шанаваць і забяспечваць сям’ю, яна прыняла прапанову. З Пільштынам Саламея вярнулася на радзіму ў Нясвіж: ён паступіў на ваенную службу да князя Міхала Радзівіла Рыбанькі – харунжым, афіцэрам, а жанчына стала лекаркай пры княжым двары. Такое спакойнае жыццё было не па сэрцу жанчыне і яна прыняла рашэнне ехаць у Пецярбург да двара расійскай імператрыцы Анны Іаанаўны, дзе, на дзіва, была прынята і таксама займалася лекарскай дзейнасцю. Праз нейкі час Саламеі надакучыў Пецярбург і яна вырашыла вярнуцца да мужа, заадно ўзяла з сабой некалькі палонных туркаў, за якіх таксама мела надзею атрымаць выкуп.

Гэта бізнэс-авантура не задалася: туркаў на волю адпусціў князь Радзівіл. Пакуль Саламея была ў Пецярбургу муж праматаў усе накапленні, і жанчына была вымушана адправіцца ў Вену і паспрабаваць атрымаць з сям’і Пільштына грошы за яго выкуп, а калі не з сям’і, то з імператарскай скарбніцы. Матэрыяльнае становішча ў Вене паправіць ёй не ўдалося, і Русецкая была вымушана вярнуцца назад да мужа. Але сумеснае жыццё канчаткова разладзілася, і Саламея адправілася зноў на Турэччыну ў надзеі атрымаць выкуп за турэцкіх палонных, якіх яна вызваліла ў Пецярбургу. І гэта было не апошняе падарожжа.
Доўгі час на адным месцы Русецкая не затрымлівалася, пераязджала з аднаго горада ў другі ў пошуках шчаслівай долі. Але нідзе той долі не было: ні сямейнае жыццё не склалася, ні свабодныя адносіны з “амаратам”. Саламея вырашыла наладзіць адносіны з дзецьмі, але і яны адвярнуліся ад маці, не захацелі мяняць ужо нейкім чанам наладжаны побыт. Саламея адчула адзіноту і вырашыла ў знак пакаяння рушыць у падарожжа на Святую Зямлю ў Іерусалім. На тым звесткі аб жыцці лекаркі абрываюцца.

Пасля выўлення у канцы ХІХ стагоддя ў архіве рукапісу, жыццяпіс Саламеі Пільштыновай з’яўляецца аб’ектам даследванняў літаратуразнаўцаў і гісторыкаў. Паводле артыкула “Полька ў Стамбуле васемнаццатага стагоддя. Гутарка аб Рэгіне Пільштыновай і яе спасціжэнне Асманскай Імперыі” польскай даследчыцы Катажыны Зеліньскай першыя ўспаміны паходзяць з 1908 году, калі Людвік Глатман у артыкуле “Доктарка медыцыны і польская акулістка ў ХVІІІ стагоддзі ў Стамбуле” называе яе “дэфармаванай эмансіпаткай”.

На самай справе крыху раней, ужо ў 1906 годзе выйшла з друку манаграфія Л. Глатмана “Гістарычныя нарысы”, у якіх аўтар сцвярджаў, што прыклад жыцця Саламеі зацікавіць эмансіпіраваных жанчын. Ён асуджае лекарку за тое, что яна дазволіла сабе занядбаць абавязкі маці і жонкі, пагнацца “авантурным спосабам за фартунай, славай лекарскай і шчасцем па ўсім свеце”. Далей па тэксту даследчык называе Саламею Русецкую прататыпам усіх нашых сённяшніх разбэшчаных эмансіпатак, аперэткавай авантурніцай, “зазнаўшай у жыцці шмат непраўдападобных прыгод”, але ўсё ж адносіцца да яе са спачуваннем: “калі заглянуць у глыбіню яе збалелых сэрца і душы, то ўбычым прад сабой гераіню страшнай драмы і вобраз змарнаванага на чужыне жыцця польскай жанчыны”.

У 50-я гады ХХ ст. Ян Рэйхман таксама выказаў непавагу да асобы Саламеі, назваўшы яе неадукаванай правінцыйнай жанчынай. Трэба зазначыць, што ў 1957 годзе ў Кракаве выйшлі з друку успаміны Саламеі, апрацаваныя Р. Полакам і М. Пельчынскім, якія вызвалі павышаную зацікаўленнасць у навуковых колах. Рэабілітавалі рэпутацыю Русецкай польскія даследчыкі яе твочасці З. Куховіч, І. Мацееўская, І. Партыка, Р. Крывы, Д. Каладзейчык, М. Плыта.

У Беларусі адным з першых зацікавіўся Саламеяй Русецкай Валянцін Грыцкевіч, з-пад пяра якога выйшаў навуковы артыкул “Врачевательница глазных болезней XVIII века из Новогрудчины” (Вестник афтольмологии, 1961) і навукова-папулярная кніга “Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая” (1990). Крыху пазней, у 1993 годзе былі выдадзены мемуары С. Пільштыновай “Авантуры майго жыцця”, якія пераклаў з польскай мовы Мікола Хаўстовіч. Адам Мальдзіс таксама неаднаразова ў сваёй творчасці звяртаўся да аналізу як саміх мемуараў, так і постаці іх аўтаркі, што знайшло адлюстраванне ў шэрагу артыкулаў, напісаных у розныя гады для беларускіх перыядычных выданняў.

Не толькі гісторыкі і літаратуразназўцы былі зачараваны постаццю лекаркі. Ёй прысвечана драматычная паэма Раісы Баравіковай “Саламея” (1985), у якой апісваецца лёс смелай, незалежнай жанчыны, якая паўстала супраць векавых традыцый, па якім жыло большасць яе суайчынніц:

Я – жонка – лёс упрошваю: скарыся!
I мне ў адказ: «Паўстань!» –
крычыць мой лёс.
Паўстань!

Віктар Шніп у сваім ліра-эпічны вершы “Балада Саламеі Пільштыновай” (2009) перадаў тугу па Айчыне, па спакойнаму жыццю, па ўпэўненасці ў заўтрашнім дні:

І сніцца Айчына, амаль што чужая,
Куды ўжо ніколі ня вернешся ты.

Неверагодныя прыгоды Саламеі Русецкай прыцягнулі ўвагу драматурга Сяргея Кавалёва, на падставе дзённікаў жанчыны была створана п’еса «Саламея, або У пошуках шчаслівага месца» (пач. 1990-х). Упершыню пад назвай “Саламея і яе амараты” яна была пастаўлена на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра г. Маладзечна рэжысёрам Рыдам Таліпавым у 1996 годзе. У 2001 г. Аляксандр Гарцуеў паставіў спяктакль “Саламея” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Аўтар п’есы і стваральнікі спектакляў змаглі паказаць нам сапраўдную гісторыю кахання і жаночай трагедыі.
Саламея-Рэгіна Русецкая (Пільштынова) – асоба неардынарная, пражыўшая яскравае жыццё і пакінуўшая аб сабе значны след у гісторыі нашага краю. Здаецца, яе неверагодныя прыгоды і лекарскія таленты яшчэ доўгі час будуць хваляваць розум даследчыкаў, натхняць пісьменнікаў і паэтаў.
Сташкевіч Вольга Леанідаўна,
навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі, г. Мінск

Літаратура і крыніцы

  1. Biblioteka Książąt Czartoryskich, № 1452. Echo na świat podane czyli procedvra podróży y życia mego awantur, na cześć y chwałę P. Bogu w Trójcy św. Jedynemu y Najświętszey Matce Chrystusa Pana mego y wszystkim Świętym – napisała Salomeja Regina de Pilsztynowa, Medycyny Doktorka i Okulistka w r. 1760 w Stambule.
  2. Do Michała Radziwiłła Rybeńko, dat. ze Lwowa 30 września 1748, ogł. przy wyd. R. Pollak i M. Pełczyński pt. «Proceder podróży i życia mego awantur», Kraków 1957, Pamiętniki i wspomnienia, seria I: Pamiętniki Polskie.
  3. Пільштынова, С. Авантуры майго жыцця / С. Пільштынова; пер. З польск. мовы М. Хаўстовіча; прадм. А. Мальдзіса. / Саламея Пільштынова. – Мінск: Маст. літ., 1993, – C. 34.
  4. Zielińska, К. Polka w osiemnastowiecznym Stambule. Rzecz o Reginie Pilsztynowej i jej postrzeganiu Imperium Osmańskiego // Turystyka Kulturowa, www.turystykakulturowa.org Nr 6/2016 (listopad-grudzień 2016), – S. 109.
  5. Glatman, L. Szkice historyczne / L. Glatman. – Spółka wydawnichz polska w Krakowie, 1906.

  6. Reychman, J. Życie polskie w Stambule w XVIII wieku / J. Reychman. – Państwowy Instytut Wydawniczy, Warszawa 1959. – S. 161.
  7. Salomea Regina Rusiecka. Echo na świat podane procederu podróży i życia mego awantur… Pamiętnik w 7 rozdziałach (siódmy niedokończony) prozą, na końcu wierszowana Pieśń mojej kompozycji. / R. Pollak i M. Pełczyński. – Kraków, 1957.

Похожие новости:

Вы можете пропустить чтение записи и оставить комментарий. Размещение ссылок запрещено.

Оставить комментарий

Вы должны быть авторизованы, чтобы разместить комментарий.